РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848 У ФРА́НЦЫІ,
першая з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе, якая прывяла да скасавання рэжыму Ліпеньскай манархіі і ўсталявання ў Францыі Другой рэспублікі. Пачалася на хвалі вострай незадаволенасці грамадства эканам. становішчам, панаваннем у паліт. жыцці буйной фін. буржуазіі, адсутнасцю ўсеагульнага выбарчага права, уціскам грамадз. свабод. Рэвалюцыі папярэднічала шырокая паліт. кампанія апазіцыі ў форме банкетаў у падтрымку выбарчай рэформы Забарона аднаго з такіх банкетаў выклікала 22.2.1848 у Парыжы масавыя дэманстрацыі, якія 23—24 лют. перараслі ў нар. паўстанне. У выніку кароль Луі Філіп вымушаны быў адрачыся ад прастола і пакінуць Францыю. У сфарміраваны 24 лют. часовы ўрад Францыі ўвайшлі як памяркоўныя рэспубліканцы, т.зв. паліт. дэмакраты са старой паліт. эліты (А.Ламарцін, Ж.Ш.Дзюпон дэ л’Эр, Л.А.Гарнье-Пажэс, І.А.Крэм’ё, А.А.Ледру-Рален), так і сацыялісты (Ж.Ж.Л.Блан і кіраўнік адной з тайных суполак рабочы А.Альбер). 25 лют. часовы ўрад абвясціў Францыю рэспублікай. Пад націскам патрабаванняў рабочых аб праве ўсіх на гарантаваную працу 25 лют. ўрад дэкрэтаваў гэта права: створаны нацыянальныя майстэрні, Люксембургская камісія для распрацоўкі мер па паляпшэнні становішча працоўных. 4 сак. абвешчана ўсеагульнае выбарчае права. Адначасова цяжкое фін. становішча прымусіла ўрад увесці дадатковы 45%-ны падатак, які закрануў інтарэсы дробных уласнікаў. На выбарах ва Устаноўчы сход (23—24 крас.) большасць галасоў атрымалі паліт. дэмакраты, а сацыялісты і сац.-дэмакраты пацярпелі паражэнне. Трэць месцаў у Сходзе атрымалі кансерватары розных манархісцкіх груповак. 4 мая першае пасяджэнне Сходу пацвердзіла абвяшчэнне рэспублікі. У створаны Сходам урад — Выканаўчую камісію — сацыялісты не ўвайшлі. 15 мая масавая дэманстрацыя на чале з А.Бланкі і інш. радыкаламі спрабавала захапіць будынак парламента і разагнаць Устаноўчы сход. Гэтыя падзеі паскорылі палярызацыю паліт, сіл у Францыі. Роспуск урадам 21 чэрв. нац. майстэрняў выклікаў 23—26 чэрв паўстанне рабочых Парыжа. Яно было жорстка задушана нац. гвардыяй на чале з ген. Л.Э.Кавеньякам, які фактычна і ўзначаліў рэсп. ўрад. 4 ліст. Устаноўчы сход прыняў канстытуцыю, якая ўсталявала ў Францыі прэзідэнцкую рэспубліку з аднапалатным парламентам. На прэзідэнцкіх выбарах 10 снеж. прэзідэнтам Францыі абраны Луі Напалеон Банапарт (гл. Напалеон III), які 2.12.1851 здзейсніў дзярж. пераварот, што азначала канчатковае паражэнне рэвалюцыі.
Літ.:
Застенкер Н. Революция 1848 г во Франции. М., 1948;
Революции 1848—1849 Т. І—2. М., 1952;
Собуль А. Из истории Великой буржуазной революции 1789—1794 гг. и революции 1848 г. во Франции: Пер. с фр. М., 1960.
П.А.Тупік.
т. 13, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)